Лікійская сцежка ці паход на вяршыню
Прывітанне, мой дарагі чытач. Вітаю цябе ў часопісе "Запіскі вандроўніка". Сёння я раскажу табе пра паход. Так, самы сапраўдны, цікавы і цяжкі, прыгожы і крышачку небяспечны паход. Фінальмэнтэ, як кажуць.
Звычайна, я не вельмі рана прачынаюся, але гэта гісторыя пра незвычайны дзень. Гадзіннік стаяў а сёмай, за вокнамі цемра, а трэба было ўставаць.
Усё самае неабходнае мы збіралі з вечара. То-бок вопратка - самая, што ні на ёсць паходная: тэрма бялізна і ў дадатак цёплае і лёгкае адзенне. Рукзак за плячыма з ежай і вадой. А таксама неверагодны настрой, гэта галоўны інгрэдыент.
Доўгая дарога на поўднёвы захад
Маршрут быў складзены Станіставам за дзень да нашага падарожжа. І праходзіў ён з нашага пункту, то бок Кадрые ў бок Кемера і вёскі Алімпус, праз лікійскую сцежку на адну з вяршынь, што раскінулася сярод міжземнага мора.
Ох, гэты шлях. На вуліцы з ранку ціха.
Халодненька. Едзеш, вецер "у валасах", цуд. Хочацца адмеціць, што шасэ ў Турэччыне файнае: ехаць мякенька.
Спераду на шляху я ўбачыла тунэль. Так, канешне, я ездзіла праз тунэль, але на аўтамабілі, не на матацыкле.
Уражанні, я вам скажу, фантастычныя. Гэта сапраўды нейкі сюр, кіно, сон, як каму бліжэй. Але гэты гул ад калёс, жоўтыя лямпачкі, акадэмічнасць руху, усё гэта дадае нейкі шарм, камернасць. Хуткасць з якой мы ехалі, была падобная да самалёта, быццам, вось-вось і на ўзлёт. Гэта было нешта. Хацелася раскінуць рукі і пець.
На шляху сустрэлася аж тры такіх тунэлі. Мясцовасць жа горная.
А навокал свой настрой. Бок Кемера - ён больш хвойны і горны. Пах і наваколле зусім іншае.
Дзіву даешся, калі бачыш такую прыгажосць.
Тут, і гара, падсвечаная ранішнім сонейкам ззяе ружовымі колерамі, і кедры падаюцца дываном, які мякка ўкрываюць горы ад моцных вятроў. Мы ляцелі "расправіўшы крылы ".
Да вёскі даехалі хутка. Прыпаркаваліся каля ўваходу ў музей антычнасці /вёска Алімпус знакаміта яшчэ з антычных часоў/.
І пайшлі праз раку, што жвава бегла сабе наперад, у бок леса.
Трапіўшы на сцежку мы адразу знайшлі каляровыя знакі бел-чырвоныя, што сведчыла аб правільнасці маршрута.
Расліны вельмі розныя, тут і ялінкі, і магутныя платаны, а потым мяне чакаў сюрпрыз.
Гледзячы пад ногі я ўбачыла знаёмы лісточак, думаю, ці мне здаецца, ці не? Але бачу пад нагамі лаўровае лісце. Так, самае сапраўднае лісце, якое мы дадаем у страву. Вось так. Каб ўдакладніцца я ўзяла адзін лісточак і пацёрла ў далонях. Цёплы апетытны пах застаўся на маёй скуры. Цуд. Але гэта яшчэ не ўсё. Таму што нас чакала яшчэ адно цудоўнае дрэва. Вялікае, ружовае і....зусім без кары. Яно,быццам голенькае сярод усіх астатніх. Як так? Што гэта за дрэва? Дакладна я не ведаю. Станіслаў сказаў, што ва Ўкраіне яго клічуць трускавічным. Таму, так і залішылі, што гэта трускавічнае дрэва.
Тым часа, мы ішлі наперад.
Ісці ў гару, нават з маленькімі 10 кілаграмовымі рукзакамі цяжка, скажу я вам.
Першымі стаміліся ногі, потым дыханне, потым стала шалець сэрца. Але тут трэба пазначыць, што мы рухаліся хуткім тэмпам, бо трэба было паспець да захаду сонейка. А шлях бярэ пад 45 градусаў у гару.
Дык вось, першае, што дапамагло - гэта прывал. Так, некалькі хвілін пасядзець на пню ды з’есці буцік - добры лекар.
Крыху адпачыўшы мы пайшлі далей.
Увесь шлях, які мы прайшлі па лікійскай сцежцы - вельмі файны, чысты, утульны. Зашмат людзей часам, але гэта не шкодзіць. Заўсёды можна знайсці знак, заблукаць не выйдзе, што добра.
Другі прывал нас чакаў праз гадзіну.
Мы выбралі месца і адпачывалі. Трэба было набрацца сілаў і крыху прасушыць мокрыя наскрозь майкі.
Гэты прывал быў вельмі патрэбны, бо дайсці нават да паловы было нялёгка.
На гэтай адметцы, наш шлях па сцежцы скончваўся, бо далей мяне чакаў сюрпрыз.
Як аказалася, далей нас чакаў шлях праз дзікія зараслі. Ні сцежкі, ні крышачку пратоптанага намёку, анічога. Бо наша цэль была вяршыня, на якую не ходзяць турысты. І потым Станіслаў паказаў пальчыкам наверх: " Вунь туды".
На некалькі імгненняў я спадзявалася, што гэта жартачкі. Але хутка зразумела, што не.
Мы пайшлі наперад, то бок у кусты. Яны былі розныя - вялікія, пушыстыя, калючыя, нават такія калючыя, як рэзакі.
А потым, вышэй нас чакалі валуны па якім трэба было лезці як скалалазам.
І тут не магу не ўзгадаць свой нядаўнішні вопыт.
На прыканцы года мне давялося паспрабаваць гэтую страву - скалалазанне.
Што тут скажаш... па першае, гэта балюча, бо скалы вельмі дзяручыя. А па другое - абутак гэта нейкі жах.
Мне далі пару і казалі, што гэта мой памер, але ня ведаю. Бо так балюча не бывае нават у пуантах. Але я палезла наверх.
Метра два я змагла трымаць боль ў пальцах ног і вырашыла супакоіцца.
Злезла уніз, прасіла прабачэнне ў здзёртых фалангаў і вырашыла больш так не рабіць.
Таму, магу зрабіць такі вывад - проста так лазіць па скалах мне не вельмі цікава, трымаць боль дзеля болю, не, не маё. Але гэта можа быць весела. Так. Усе мы розныя.
Дык вось, першы такі камень, які сустрэўся нам на шляху быў вельмі вялікім і меў вострыя выступы. А паабапал яго раслі кусты і нейкія калючкі, якія былі паходзілі на цярноўку.
Яны знатна ірвалі рукі да крыві, кусаючыся і не пускаючы нас наверх.
Але гэта не спыняла і мы палезлі далей. Тут усё было неяк натуральна. Адну нагу сюды, пальчыкамі рукі туды. Некалькі баязлівых імгненняў і хоп, я ўзнялася.
І вось тут я адчула смак скалалазання - так, гэта не была яшчэ нейкая супер вышыня, але гэта быў кавалачак маршрута, дзе ты мог спадзявацца толькі на свае сілы і спрыт. Такое скалалазанне мне падыходзіць, - падумалася мне. А можа таму, што я вельмі люблю паходы і розныя перашкоды. Хто знае?
Так, праз кусты і стромкія скалы, што параскідаліся тут і там мы ўзняліся на самы верх.
Калі лезеш наверх, хочацца толькі далезці. Яшчэ не ўяўляеш, што там цябе чакае.
І гэта вельмі моцныя пачуцці калі перад вачыма горнае кола ды бясконцае мора, якое абдымаецца з нябёсамі. І не зразумела, дзе сканчваецца адно і пачынаецца іншае.
Потым мы вырашылі рухацца крыху ў левы бок, каб пабачыць бухту адрасана.
Пік вяршыні быў складзены с вострага камення, якое тырчала літарай л.
І тут пачынаецца нешта. Шлях вёў толькі па вяршыне. А яна домікам тырчыць на ўсім маршруце.
У гэты самы момант унутры мяне прачнулася горная львіца. Я не жартую. Адчуўшы веру ў сябе і свае сілы, я, трымаючыся нагамі і рукамі за стромкія каменні паўзла наперад з неверагоднай хуткасцю і ўпэўненасцю. А калі быў абрыў, то пералазіла пік паверху, як забор у дзяцінстве.
І вось мы пабачылі бухту. Пабачылі бясконцы прастор. Вось тое самае месца, куды мы хацелі дайсці.
Вышыня на якую мы ўзняліся складала каля 870 метраў над узроўнем мора. Высоканька. Прыгожа. І сонейка, яно крыху іншае на вяршыне. Блішчыць і грэе так моцна і прыемна. Птушкі, вельмі падобныя да ластавак, лёталі за дронам, гуляючыся з металічнай 'птушкай'.
Уражанні... на ўсё жыццё.
Але час на вяршыне прайшоў вельмі хутка і нам трэба было вяртацца назад.
У нас было два варыянта, як вярнуцца да сцежкі. Той, якім мы ішлі сюды ці паспрабаваць іншым. Бо ўсё роўна ніякай сцежкі не існавала. Таму было прынята рашэнне - ісці новым шляхам. Таму, хуценька сабралі рэчы, даелі каўбаскі, дапілі гарбату і пачалі рухацца ўніз. Хм... думаеце, што нас там чакала?
Нейкі Марс, ці не, мо Іо /ледзяны спадарожнік Юпітэра/. Серае каменне тырчала вострымі пікамі ўверх. Паверхня не была звычайнай. Яе быццам ляпіў нейкі велікан. Бо паўсюль бачыліся адбіткі вялізных пальцаў з кіпцюрамі.
Калі я глядзела ўніз я не верыла, што можна спусціцца. Бо гэтыя тырчкі былі роўненька вертыкальнымі. Раўнюсенька. Але, верталёта не было, таму ногі ў рукі, як кажуць і наперад. Як аказалася спускацца па гэтым камяням было зручна. І мы дастаткова хутка праходзілі гэты шлях. Потым, канешне пачаўся дзядоўнік, калючкі і цярноўнік. Балюча было, у некаторыя моманты тонкая калючка абвівала ногі, сціскаючы іх быццам у капкане. Калі не дадаць увагі, то можна і паляцець да зямлі носам.
А сонейка пачало хавацца за гарызонт. І ў імгненне наваколле станавілася ружовым. Ох, гэты залаты час. Удалечыні вітала гара Алімпус. Неба станавілася ружова-аранжавым. Каменне пачало было астываць. Мы трапіліся. Бо было вельмі важным вярнуцца на сцежку да поўнай цемры.
Ведаеце, што вельмі неабходна мець пры сабе ў паходзе? Ліхтарык. Бо без яго, нават на пратоптанай сцежцы будзе кепска. У нас яны былі. Толькі сонейка забрала сваю захадную сукенку, як мір патрапіў у цемру.
Тут ужо не відаць птушак, толькі чутна шорханне ды скрогат. А з глыбіні лесу чуўся дзіўны плач нейкай жывёлы.
Тут адразу адчуваеш сябе нібы ў кніжцы.
Спуск - ён хуткі. Ногі нясуць уніз самі. Толькі паспявай за імі.
Тым часам наша сцежачка давяла нас да пачатку. Вось і рэчка, што хутка бегла ўранку, ціханька блішсэла пад месяцам. Вось і наш байк, што прытаміўся і замёрз, чакаючы нас.
Fpv відэа ад Станіслава Панюты
З любоўю у сэрцы, (с) Аксана Машара