(не)крывадушнасьць?
Так атрымалася, што, едучы ва Ўкраіну, у нас цяпер не ўзьнікае сумневаў, куды мы едзем. Я маю на ўвазе “на” або “ў”. Унівэрсытэт дапамог вызначчыцца. Але галаву займаюць безумоўна больш маштабныя і цяжкія на знаходжаньне адказу пытаньні, напрыклад, карупцыя. Карупцыя - гэта калі за грошы можна стаць больш роўным, чым астатнія.
Едучы ва Ўкраіну, як бы становісься крышачку экспэртам і можаш дазволіць сабе правесьці незалежную аналітыку. І яна была абсалютна несуцяшальнай. Аказалася, новая ўкраінская ўлада, пры ўсёй у яе веры і аптымізьме, не нашмат лепшая за папярэднюю, скінутую кроўю і потам. Крадзежы ня проста ёсьць, іх становіцца ўсё больш, пры тым гэтыя ж змагары з карупцыяй так адчайна заяўляюць аб сваёй няспыннай зь ёй барацьбе. Крывадушнікі! У нас у Беларусі так ня будзе. Таму што мы не такія, мы не даем.
Хутка перасекшы беларускую мяжу, у гэтых даволі спрэчных думках, мы пад’ехалі да мяжы нашых суседзяў. На нашае зьдзіўленьне, чарга была на гадзіны тры… Зараз 11 гадзін, да Кіева ехаць яшчэ 6 гадзін, канечне, ня ўлічваючы прастой у чарзе. Дапамаглі веды па матэматыцы: у такой абстаноўцы мы прыедзем на месца у лепшым выпадку каля 20, што мы ніяк не маглі сабе дазволіць. А 20 у аэрапорт Барыспаль прылятае сябар з Нідэрляндаў, каторага канечне трэ было сустрэць. Сытуацыя казалася безвыходнай.
Ха, толькі калі б мы ня ведалі пра карупцыю ва Ўкраіне. Аказалася, на пару хвілін стаць дыпляматамі і праехаць па свабодным дыпляматычным канале каштавала 20 амэрыканскіх даляраў. Так украінскія памежнікі атрымліваюць тое, што ім не даплацілі.
Аб 11:10 мы імчаліся па ўкраінскіх дарогах, па якасьці ня менш спрэчных, чым украінская ўлада, і думалі. Крывадушнікі ці не?








